«БЕЛАРУ́СКАЯ КАПЭ́ЛА»,

нацыянальнае тэатральна-канцэртнае аб’яднанне. Створана ў 1992 у Мінску на базе аднайм. калектыву. Маст. Кіраўнік В.Скорабагатаў. У аснове арганізацыі аб’яднання — прынцыпы еўрап. капэлы 17—18 ст. Кірункі дзейнасці: аднаўленне ў тэатр.-канцэртнай практыцы бел. муз. спадчыны, збіранне, даследаванне і публікацыя бел. муз. твораў 17—19 ст., прапаганда сучаснай, у т. л. авангарднай, музыкі. Па ініцыятыве капэлы зроблены сучасныя аўтарскія версіі зборніка лірычных кантаў «Куранты» (В.​Капыцько), школьнай оперы «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.​Вардоцкага (Дз.​Смольскі). Праводзіць штогод (з 1991) міжнар. фестывалі «Адраджэнне беларускай капэлы», на якіх паказаны (у канцэртным выкананні) оперы «Уяўная каханка» Дж.​Паізіела і «Апалон-заканадаўца...», «Балетны дывертысмент»; выконваліся творы Я.​Д.​Голанда, М.​Радзівіла, Э.​Ванжуры, В.​Казлоўскага, Міхала Клеафаса і Міхала Казіміра Агінскіх, братоў А. і М.​Ельскіх, Ф.​Міладоўскага, Ю.​І.​Крашэўскага, С.​Манюшкі і інш.

Р.​М.​Аладава.

т. 2, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)